Салігорскі раённы выканаўчы камітэт

24.03.2025 17:19 (обновлено: 28.03.2025 17:21)

Званы і людскі смутак. У дзень памяці Хатыні на мемарыяле ўсклалі кветкі

22 сакавіка, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 82-й гадавіне з дня трагедыі беларускай вёскі. Пачаліся яны літургіяй і памінальнай літыёй у храме ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


У дзень памяці беларускай вёскі, спаленай карнікамі 82 гады таму, 22 сакавіка 1943 года, разам з яе 149 жыхарамі, сярод якіх было 75 дзяцей, на мемарыяле, які адкрыўся ў 1969 годзе, з самай раніцы праходзіла народнае ўскладанне кветак. У Хатынь, якая стала сімвалам памяці і смутку, едуць усе, хто жадае аддаць даніну павагі продкам, загінулым, але няскораным. Прайсці, схіліўшы галаву, па яе брукаваным рабрыстым каменем дарожках, застыць пад метраном званоў у мінуце маўчання, каб зноў задумацца аб няўстойлівасці міру на зямлі.

Першым да Вечнага агню лёг вянок ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як сімвал таго, што ўся краіна сёння смуткуе, успамінаючы жыхароў Хатыні, а таксама жыхароў беларускіх вёсак, якія падзялілі яе лёс. Такіх населеных пунктаў 288, часткова або поўнасцю знішчаных – больш як 12 тыс.


Букеты з руж і гваздзікоў да Вечнага агню і фігуры Няскоранага чалавека ўскладаюць асобы, якія займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, дэлегацыі абласцей, моладзь. 

Сёння ў Хатыні шмат беларускіх сем’яў, гасцей з Расіі і краін СНД.


Як паведамлялася раней, каб у дзень памяці спаленай вёскі мемарыял наведала як мага больш жадаючых, у МК “Хатынь” 22 сакавіка курсіруе з Мінска спецыяльны аўтобусны маршрут нумар 659.