Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая з кожным днём становіцца ўсё больш цесным. Нашы прадукты і тавары не толькі прыжыліся на рынку Паднябеснай, але і складаюць канкурэнцыю мясцовым брэндам. У сваю чаргу Кітай падстаўляе сяброўскае плячо для Беларусі. Не так даўно за выдатны ўклад у супрацоўніцтва з Кітаем Мінская вобласць атрымала прэстыжную міжнародную ўзнагароду.
А ўжо сёння прыз паказалі журналістам. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Дзяніс Курленка расказаў пра тонкасці супрацоўніцтва дзвюх краін і падзяліўся, што значыць такое прызнанне ад кітайцаў:
– Сапраўды, зусім нядаўна ў Куньміне адбыўся міжнародны форум рэгіёнаў-пабрацімаў Кітая. І нашы пабрацімы з горада Чунцын унеслі прапанову намініраваць Мінскую вобласць у намінацыі за выдатныя заслугі па супрацоўніцтве з кітайскімі рэгіёнамі. Мы сапраўды атрымалі гэтую высокую ўзнагароду за нашае супрацоўніцтва з кітайскімі рэгіёнамі, у першую чаргу з Гуандунам і Чунцынам. У нас з дадзенымі правінцыямі ўжо каля 10 гадоў узаемадзеяння, падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве. І акрамя таго, распрацаваны дэталізаваныя дарожныя карты па супрацоўніцтве ў розных напрамках: ад гуманітарных сфер да сумесных праектаў у сферы машынабудавання, вытворчасці прадуктаў харчавання, у сферы электронікі, робататэхнікі, вытворчасці прэпаратаў у сферы традыцыйнай кітайскай медыцыны, і па іншых напрамках, у тым ліку гуманітарных.
Варта нагадаць, што ў маі гэтага года адбыўся афіцыйны візіт у Чунцын дэлегацыі Мінскага аблвыканкама пад кіраўніцтвам Аляксандра Турчына.
– У Чунцыне з усіх гасцей менавіта Рэспубліка Беларусь у асобе Мінскага аблвыканкама мела статус ганаровага госця. Мы падтрымліваем тую палітыку, якая ўжо сфармавалася з 2022 года, калі было падпісана пагадненне аб усебаковым стратэгічным супрацоўніцтве паміж кіраўнікамі нашых дзяржаў. Думаю, якраз Чунцын і Гуандун – гэта той прыклад супрацоўніцтва нашай вобласці, які адпавядае гэтым патрабаванням, – адзначыў Дзяніс Курленка.
У мінулым годзе тавараабарот паміж Кітаем і Беларуссю (Мінскай вобласцю) склаў $2,5 млрд. Па выніках 9 месяцаў гэтага года краіны наблізіліся да $2 млрд.
У ліпені гэтага года старшыня аблвыканкама і прадстаўнікі прадпрыемстваў Мінскай вобласці наведалі і правінцыю Гуандун: тут была падпісана дарожная карта на сярэднетэрміновую перспектыву па розных напрамках супрацоўніцтва.
– Павінен сказаць, што два гэтыя наведванні сапраўды далі штуршок далейшаму ўзаемадзеянню прадпрыемстваў. Бо чыноўнікі, як правіла, заключаюць пагадненне, падпісваюць дарожныя карты, а выконваць і рэалізаваць іх у жыццё трэба суб’ектам гаспадарання рэальнага сектара, сацыяльнай сферы. Можна прывесці прыклад: ужо пасля афіцыйнай дэлегацыі нашы прадпрыемствы – Слуцкі сыраробны, Першы малочны камбінаты – некалькі разоў ужо наведвалі дадзеныя правінцыі. Правялі перагаворы, ёсць рэальныя кантракты на пастаўку нашай прадукцыі. Акрамя таго, Слуцкі мясакамбінат актыўна працуе на кітайскім рынку. Зусім нядаўна ўпраўленне аховы здароўя Мінскага аблвыканкама з нашымі медыкамі наведвалі ўстанову аховы здароўя ў Гуандуне, дзе прапрацоўвалі пытанні сумеснага ўзаемадзеяння і паставак дыягнастычнага абсталявання на тэрыторыю Мінскай вобласці, — зазначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама.
Па словах Дзяніса Курленкі, зараз ідзе вызначэнне пастаўшчыкоў. У далейшым таксама будзе прапрацоўвацца пытанне сумеснай вытворчасці ўказанага абсталявання на тэрыторыі Мінскай вобласці.
— Ёсць добрыя прыклады па вытворчасці прэпаратаў медыцынскага прызначэння, традыцыйнай кітайскай медыцыны: у нас у Кітайска-беларускім [індустрыяльным] парку сфарміраваўся кластар з больш як 30 прадпрыемстваў у сферы вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння. Таму мы на гэтым не спыняемся, вядзем перамовы з найбуйнымі вытворцамі машынабудавання Кітайскай Народнай Рэспублікі, у тым ліку электрамабіляў, аўтакампанентаў. Быў візіт дэлегацый у Мінскую вобласць, наведвалі нашыя прадпрыемствы. Цяпер мы прапрацоўваем пытанне паўторнага візіту дадзеных кампаній, – распавёў чыноўнік.
Варта таксама яшчэ раз падкрэсліць, што Мінская вобласць з’яўляецца адзінай у Беларусі ўладальніцай такой узнагароды. Гэта не толькі сведчыць аб высокім узроўні развіцця рэгіёна, але і падкрэслівае яго значнасць на міжнароднай арэне.